Цыганкоў: «І невядома яшчэ, якія дэталі супрацоўніцтва з менскімі таварышамі выдасьць арыштаваны Мадура»
Палітычны аглядальнік — пра тое, чаго рэальна баіцца Лукашэнка ў звязку з захопам венесуэльскага лідара.
— Неаднаразова ў розных эфірах і допісах я даводзіў думку, што (як бы гэта сьмешна для многіх гэта не гучала) Лукашэнка на самой справе вельмі баіцца «нападу», сілавога зьвяржэньня, — піша Віталь Цыганкоў. — Мы прыкалываемся, сьцябаемся з ягоных шматлікіх словаў на гэты конт, але ён жа не прыкідваецца, калі кажа, напрыклад, пра «джыпы з кулямётамі ад літоўскай мяжы».
Ён рэальна баіцца такога сцэнару, асабліва апошнія гады. А сёньня яму ў галаву прыходзіць падступная думка: калі такое адбылося ў Вэнэсуэле – чаму такое ня можа адбыцца ў Беларусі? Толькі таму, што ёсьць сябар Валодзя? Але гэта велічыня пераменная. Ды і сам жа казаў, што няма ў яго сяброў.
Зьвярніце ўвагу, дзяржсакратар ЗША Рубіё перадрукаваў свой твіт паўгадовай даўніны, у якім заяўляў, што ЗША не лічаць Мадуру легітымным кіраўніком дзяржавы. «Ён галава наркакартэля, які захапіў краіну. Ён знаходзіцца пад абвінавачваньнем за дастаўку наркотыкаў у ЗША», – пісаў тады Рубіё.
Так што ЗША не зьвяргалі законнага кіраўніка краіны, яны правялі бліскучую, трэба сказаць, спецаперацыю па затрыманьню кіраўніка наркакартэля. Проста было забясьпечана выкананьне ордэра на арышт.
Істотная дэталь, якая падкрэсьлівае, наколькі важнай у пэўныя моманты становіцца такая нібыта абстрактная і «тэарэтычная» рэч, як «легітымнасьць».
І невядома яшчэ, якія дэталі супрацоўніцтва з менскімі таварышамі выдасьць арыштаваны Мадура. І хто там акажацца пасобнікамі «кіраўніка наркакартэля».
Лукашэнку зараз вельмі няўтульна і некамфортна. Балюча разумець, што атачэньне Мадуры, як вынікае з вядомай на сёньня інфармацыі, відавочна яго здала, не аказаўшы супраціву.
Балюча разумець, што амэрыканскі спэцназ, некалькі дзясяткаў чалавек, за 30 хвілін зрабілі тое, супраціўляцца супраць чаго нібыта гадамі рыхтаваліся ўзброеныя сілы краіны.
Балюча падазраваць, што той самы сябар Валодзя ў выпадку нейкай «вялікай угоды» можа аддаць цябе ў лапы імпэрыялістаў альбо замяніць на яшчэ больш паслухмянага. Сірыйскаму Асаду Валодзя нічым не дапамог.
А тут яшчэ Іран на падыходзе.
Читайте еще
Избранное