Политика

Дракахруст: «Лукашэнка можа абвесьціць новую, менш рэпрэсіўную, унутраную палітыку»

Лукашэнка можа абвесьціць на пасяджэньні Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) у сьнежні пра новую, менш рэпрэсіўную, унутраную палітыку ў рэчышчы «вялікай угоды» з Трампам, прагназуе на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Юры Дракахруст.

Юры Дракахруст

Чаму пасяджэньне УНС не адбылося ў красавіку?

Аляксандар Лукашэнка прызначыў чарговае пасяджэньне Ўсебеларускага народнага сходу на 18-19 сьнежня.

У лютым на пасяджэньні прэзыдыюму УНС было заяўлена, што чарговы збор Сходу адбудзецца ў красавіку і што на ім будуць абвешчаныя важныя кадравыя рашэньні.

Кадравыя зьмены адбыліся ў рабочым парадку: у сакавіку прэм’ерам стаў Аляксандар Турчын, яго папярэднік Раман Галоўчанка ўзначаліў Нацбанк. Ніякага ўрачыстага іх зацьвярджэньня на УНС не спатрэбілася.

Зьмены ў Канстытуцыю, зробленыя на рэфэрэндуме 2022 году, фармальна ператваралі УНС у ці не найвышэйшы орган улады ў дзяржаве, які ў нечым стаіць нават над прэзыдэнтам. Прынамсі, у будучыні.

Пра гэтую ролю УНС шмат гаварылася на яго першым пасяджэньні ў новай канстытуцыйнай якасьці ў красавіку 2024 году. Тады старшынём Сходу быў абраны Лукашэнка, а яго намесьнікам — Аляксандар Косінец.

Выступ Аляксандра Лукашэнкі на VII Усебеларускім народным сходзе, 25 красавіка 2024

Але пасьля таго ані пра Сход, ані пра Косінца не было нічога чутно. Цікава, што аргкамітэт сьнежаньскага пасяджэньня УНС узначаліў ня Косінец — нібыта фармальна другая асоба ў дзяржаве, а прэмʼер Турчын — кіраўнік традыцыйнага інстытуту ўлады.

Гэта пацьвярджае вэрсію пра тое, што УНС — «сьпячы» інстытут, утвораны на будучыню, на часы, калі Лукашэнка адыйдзе ад улады. Паколькі наўпрост цяпер ён ад яе адыходзіць не зьбіраецца, то «сон» УНС працягваецца.

Аднак адна «нясьпячая» функцыя ў Схода і раней была, і цяпер застаецца. Гэта галоўная палітычная трыбуна палітычнай сыстэмы, зь яе Лукашэнка абвяшчае курс, якім мяркуецца весьці краіну далей.

Выглядае, што перанос пасяджэньня УНС з красавіка на сьнежань тлумачыцца менавіта гэтай функцыяй. А ўвесну з курсам было шмат няпэўнасьцяў.

Як цяпер высьвятляецца, новая адміністрацыя ЗША на чале з Дональдам Трампам амаль адразу пачала паварот у палітыцы адносна Беларусі. Ужо ў лютым адбыліся паездкі прадстаўнікоў новай адміністрацыі ў Менск, першыя вызваленьні палітвязьняў на просьбу амэрыканскага боку, у мэдыя зьявіўся артыкул пра наяўнасьць пляну «вялікай угоды» — абмену скасаваньня санкцыяў на вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

Але тады далёка ня ўсе магчымасьці і бонусы, як і рызыкі і перашкоды гэтага павароту міжнароднай палітыкі былі бачныя і зразумелыя. Лукашэнку ў тым ліку. Ня ўсё ў гэтым працэсе ад яго залежала. Да таго ж трэба было пралічыць грамадзка-палітычныя наступствы такой зьмены палітыкі, падрыхтаваць да іх прынамсі дзяржаўны апарат.

«Вялікая ўгода» з Трампам — што яна азначае для ўнутранай палітыкі?

Існуе спрошчанае меркаваньне, што дыктатура таму так і называецца, што правадыр можа ў любы момант лёгка прадыктаваць, памяняць палітыку хоць на 180 градусаў. Можа, але ня лёгка, і ў дыктатуры для зьмены палітыкі трэба падрыхтаваць сілы ўнутры рэжыму да такога павароту.

Для грамадзтва тыя саступкі, тыя палёгкі, на якія ідзе рэжым, робячы крокі насустрач Трампу, выглядаюць куртатымі і такімі, якія не мяняюць прыроду рэжыму. Але для самога рэжыму, прынамсі, для яго часткі, нават такія крокі выглядаюць рызыкоўнымі і такімі, якія могуць ізноў разгайдаць сытуацыю.

Але ёсьць палітычныя прычыны, паводле якіх саступкі варта рабіць і палёгкі даваць. І трэба канцэптуальна патлумачыць грамадзтву, сваім прыхільнікам, а найперш — дзяржапарату, новы балянс саступак і жорсткасьці, новы, меншы, чым у апошнія гады, узровень рэпрэсіўнасьці.

Прэзыдэнт Трамп апошнім часам тройчы прыгадаў пра вызваленьне ў Беларусі 1300-1500 палітвязьняў. Прыкладна такія лічбы фігуруюць у справаздачах беларускіх праваабаронцаў як колькасьць асобаў, прызнаных імі палітвязьнямі. І наўрад ці гэтыя настойлівыя напаміны Трампа — гэта адно яго пажаданьні. Выглядае, што вызваленьне прыкладна такой колькасьці палітвязьняў абмяркоўвалася з Лукашэнкам і на гэта папярэдне давалася прынцыповая згода.

Ізноў жа — для дэмакратычнай часткі беларускага грамадзтва вызваленьне нават усіх палітвязьняў, прызнаных такімі праваабаронцамі, гэта недастаткова. Але для апарату, для ладнай часткі прыхільнікаў Лукашэнкі — гэта землятрус.

І трэба патлумачыць ім з вышэйшай у краіне трыбуны, навошта гэта робіцца і да чаго прывядзе. На гэтым тыдні Лукашэнка абвясьціў, што гатовы да «вялікай угоды» з Трампам. Вось яе ён і будзе тлумачыць з трыбуны ЎНС.

Час эканамічнай аўтарытарнай мадэрнізацыі

Яшчэ адна няпэўнасьць, якая была ў красавіку і стала меншай зараз — гэта эканоміка. На першы погляд, сытуацыя зь ёй і была і ёсьць някепская. ВУП апошнія два гады рос даволі дынамічна (у 2023 годзе — рост на 3.9%, у 2024-м — на 4%), тэмпы росту заробкаў былі наогул рэкорднымі за шмат гадоў. Але, як той казаў, паўстаюць не галодныя, а тыя, каго не пакармілі адзін дзень. А ўжо на мяжы 2024-2025 гадоў стала відавочна, што «тлустыя» гады зьмяняюцца «худымі».

Днямі Лукашэнка прызнаў, што тры зь пяці плянавых паказьнікаў эканамічнага разьвіцьця краіны не выконваюцца. У тым ліку і рост ВУП. На гэты год ён быў заплянаваны на ўзроўні 4,1%, па выніках 9 месяцаў году гэты рост склаў 1.6%. МВФ прагназуе для беларускай эканомікі рост гэтага паказьніку ў 2026 годзе ў памеры 1.4%.

Такую дынаміку незалежныя экспэрты прадказвалі яшчэ напрыканцы 2024 году. Цяпер яна стала відавочнай і пэўнай. І гэта трэба тлумачыць грамадзтву. І неяк рыхтаваць яго да «худых гадоў».

Але ёсьць і праблема з большым гарызонтам. Можна нахвальваць унікальную беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль. Яна і праўда неяк працуе, эканоміка і заробкі растуць. Аднак калі параўноўваць з краінамі рэгіёну, дык за апошняе дзесяцігодзьдзе павялічвалася адставаньне Беларусі ад суседзяў-краінаў ЭЗ.

Лукашэнка распавядае пра цудоўны досьвед палітычнай сыстэмы Кітаю і абяцае яго творча запазычыць. Але запазычыць кітайскі досьвед кітайскай эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі не атрымліваецца. Кітай — аднапартыйная таталітарная дыктатура.

Але ў сёлетнім сьпісе мільярдэраў Forbes — 516 грамадзянаў КНР, на другім месцы па колькасьці пасьля амэрыканцаў. А грамадзянаў Беларусі — ніводнага. Ёсьць два ўраджэнцы Беларусі — Андрэй Мельнічэнка і Дзьмітры Мазепін, але яны грамадзяне Расеі, фігуранты расейскага сьпісу Forbes.

Дарэчы, у другой палове дзясятых, падчас тагачаснай «вялікай угоды» з ЭЗ і ўнутрыпалітычнай «адлігі» думкі наконт аўтарытарнай мадэрнізацыі Беларусі былі. І нават ня толькі думкі, але і спробы нешта зрабіць. Крокам у гэтым накірунку было, прынамсі, разьвіцьцё ПВТ.

Тэза пра тое, што дэмакратыя — умова дабрабыту, не пацьвярджаецца рэальнасьцю, відавочны контарпрыклад — як раз Кітай. Але пасьля 2020 году ў Беларусі ня толькі істотна ўзмацнілася ступень рэпрэсіўнасьці сыстэмы, але і спыніліся нават размовы пра мадэрнізацыю, хай сабе і аўтарытарную. Ды хоць таталітарную, хоць сталінскую.

Ня выключана, што прынамсі думкі наконт нейкай мадэрнізацыі зараз ізноў узьніклі. Гэтаму спрыяюць некалькі фактараў.

На першы погляд, парадаксальна, але натуральна — запавольваньне эканамічнага росту. Калі эканоміка расьце, дык навошта мадэрнізавацца, ад дабра дабра не шукаюць. Аднак калі рост прыпыняецца, то гэта стымул шукаць.

Калі мяркуецца прынамсі паменшыць хуткасьць руху катка рэпрэсіяў, то гэта таксама палітыка-псыхалягічны чыньнік мяняць нешта ў падыходах да эканомікі, як гэта было ў пэрыяд папярэдняй адлігі 2015-2020 гадоў. Калі вакол ворагі і трэба іх душыць, дык не да эканамічных пераўтварэньняў. Калі ж задачы па здушэньні лічацца збольшага выкананымі, то пра пераўтварэньні можна і падумаць.

Нарэшце, ёсьць і людзі ва ўладзе, у прыватнасьці, адзін чалавек, які мадэрнізацыйны імпэт мае і заўсёды меў. Размова ідзе пра прэмʼера Турчына.

Так што перадумовы для выбару новага сацыяльна-эканамічнага курсу ёсьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)