Карбалевіч: «Лягічна было чакаць паездкі Лукашэнкі ў Бразылію. Але ён не паляцеў»
Ці стане BRICS стратэгічнай плятформай будучыні — аналіз на Радыё Свабода Валера Карбалевіча.
Сёлетні саміт BRICS у Бразыліі не атрымаў такога вялікага рэзанансу, як мінулагодні форум гэтай арганізацыі, які прайшоў у расейскай Казані. Ён трохі зьбіў ажыятаж вакол гэтай арганізацыі.
Хоць год таму Беларусь атрымала статус дзяржавы-партнэра BRICS, аднак Лукашэнка на саміт у Бразылію не паляцеў. Беларусь прадстаўляў кіраўнік МЗС Рыжанкоў.
Саміт BRICS у Бразыліі зьбіў ажыятаж
Сёлетні саміт BRICS у Бразыліі не атрымаў такога вялікага рэзанансу, як мінулагодні форум гэтай арганізацыі, які прайшоў у расейскай Казані. Год таму гаспадыня саміту Расея зрабіла шмат высілак, каб надаць мерапрыемству вялікую міжнародную вагу. У Казань запрасілі кіраўніцтва 38 краін, зь іх 24 дзяржавы былі прадстаўленыя на вышэйшым узроўні.
Тады расейская і беларуская прапаганда даводзілі, што, маўляў, з актыўным удзелам Расеі фарміруецца новы цэнтар сілы, які прадстаўляе «глябальную большасьць» і супрацьстаіць «калектыўнаму Захаду».
Пасьля казанскага саміту склалася ўражаньне, што апошнім часам BRICS выглядае папулярным брэндам, жаданьне далучыцца да яе стала нейкай міжнароднай модай, у чарзе на ўступленьне ў арганізацыю стаялі і працягваюць стаяць шмат краін. Таксама і Беларусь падала заяўку на далучэньне да гэтай структуры.
Пэўная мода на BRICS сярод краін Глябальнага Поўдня зьяўляецца сымптомам перамен у міжнароднай сыстэме. Відавочна адбываецца крызіс існуючых міжнародных інстытутаў, пэўнае зьмяншэньне палітычнай вагі Захаду.
На гэтым тле BRICS успрымаецца як нейкая альтэрнатыва «старым» цэнтрам сілы і заходнецэнтрычнаму сьвету. Таму кіраўніцтвы Расеі і Беларусі імкнуцца давесьці, што яны трапляюць у новы сусьветны трэнд, аказваюцца на «правільным баку гісторыі».
Аднак сёлетні саміт BRICS у Бразыліі трохі зьбіў ажыятаж вакол згаданай арганізацыі. Гэта першы форум пасьля пашырэньня аб’яднаньня, у якое зараз уваходзяць 11 краін-чальцоў: Бразылія, Расея, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская рэспубліка, Егіпет, Іран, Аб’яднаныя арабскія эміраты, Саудаўская Аравія, Этыёпія і Інданэзія.
Толькі восем краін прадстаўленыя на форуме на вышэйшым узроўні. Не прыехалі лідэры Кітая, Расеі. Уладзімір Пуцін асьцерагаецца затрыманьня, бо Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт. Прэмʼер Індыі Нарэндру Модзі не мог не наведаць форум таму, што гэтая краіна пераймае ў Бразыліі старшынства ў арганізацыі, і наступны саміт пройдзе ў індыйскай сталіцы.
Рыжанкоў замест Лукашэнкі
Да 2024 году Беларусь мела ў BRICS статус назіральніка. Карыстаючыся гэтым, Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў удзельнічаў у самітах гэтай арганізацыі.
На мінулагоднім саміце BRICS у Казані статус Беларусі быў падвышаны — яна стала дзяржавай-партнэрам. Беларускія ўлады абвесьцілі гэта вялізным дыпляматычным прарывам. Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на форуме, выступаў, даваў інтэрвію, сустракаўся з лідэрамі іншых краін. Дзяржаўныя мэдыі даводзілі, што саміты BRICS — гэта выдатная пляцоўка для перамоваў на вышэйшым узроўні з вядучымі краінамі сьвету.
Таму лягічна было б чакаць паездкі Лукашэнкі ў Бразылію. Новы статус Беларусі як дзяржавы-партнэра вымагаў гэтага. Але ён не паляцеў. Можна меркаваць, што гэта зьвязана ня толькі з дальняй дарогай, але і з адсутнасьцю на саміце Уладзіміра Пуціна і Сі Цзіньпіна.
Беларусь прадстаўляў на саміце BRICS міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў. Напярэдадні візыту было афіцыйна аб’яўлена, што кіраўнік МЗС наведае Бразылію адмыслова па даручэньні Лукашэнкі. Гэтае ўдакладненьне закліканае было растлумачыць адсутнасьць на саміце самога беларускага ўладара. Бо саміт — гэта ўсё сустрэча на вышэйшым узроўні.
Важна заўважыць, што Рыжанкоў апошнім часам неяк адышоў у цень, быў адхілены ад удзелу ў важных міжнародных перамовах. Лукашэнка не ўзяў яго з сабой падчас нядаўняга візыту ў Кітай. Міністар замежных спраў ня ўдзельнічаў у перамовах з спэцпрадстаўніком прэзыдэнта ЗША Кітам Келагам у Менску. А вось цяпер ён нібыта замяніў Лукашэнку.
Геапалітычнае месца BRICS
У сваім выступе на саміце Рыжанкоў сфармуляваў уяўленьні кіраўніцтва Беларусі аб ролі і месцы BRICS у цяперашняй і будучай міжнароднай сыстэме.
«Сёньня, калі састарэлыя аднапалярныя мэханізмы дэманструюць сваю неэфэктыўнасьць і палітызаванасьць, становіцца крытычна важнай роля BRICS як апоры шматпалярнага сьвету, як падмурка і неадʼемнай часткі справядлівага сусьветнага парадку… Беларусь бачыць у BRICS не проста абʼяднаньне, а стратэгічную плятформу будучыні».
Аднак, насамрэч, гэтыя надзеі і спадзяваньні на нейкую вялізную пэрспэктыву гэтага аб’яднаньня, альтэрнатыву існуючым міжнародным інстытутам утапічныя. Пачнем з таго, што BRICS — гэта не ваенна-палітычны (як NATO ці АДКБ) і не эканамічны (як ЭЗ ці ЭАЭЗ) саюз. І нават не міжнародная арганізацыя, хоць бы як ШАС. BRICS не мае статута, штаб-кватэры, сакратарыята ці нейкіх каардынуючых органаў, дакладных працэдур свайго функцыянаваньня. Там не прымаюцца рашэньні, абавязковыя для выкананьня.
Новы банк разьвіцьця, створаны ў рамках BRICS, мае памер дзесьці 3-4% ад Сусьветнага банка, дзе 90% грошай кітайскіх, таму і працуе ён у асноўным на Кітай.
BRICS — гэта нефармальнае аб’яднаньне, клюб, пляцоўка для сустрэч лідэраў краін-чальцоў раз на год, на якіх прымаюцца дэклярацыі нейкага агульнага зьместу.
І што важна, у гэтую інстытуцыю ўваходзяць краіны з вельмі рознымі інтарэсамі, праблемамі, геапалітычнай арыентацыяй, вельмі адрозным разуменьнем выклікаў і небясьпек. Краіны-чальцы мала гандлююць паміж сабой. Яны з цяжкасьцю прымаюць узгодненыя рашэньні.
Варта адзначыць, надзеі Расеі ператварыць BRICS у антызаходнюю арганізацыю не спраўджваюцца. Бо сярод чальцоў гэтага аб’яднаньня толькі сама РФ ды Іран знаходзяцца ў жорсткай канфрантацыі з Захадам. Астатнія краіны ня маюць жаданьня канфліктаваць з ЗША ці ЭЗ. Бо, напрыклад, гандаль краінаў BRICS з краінамі Захаду прыблізна ў чатыры разы большы, чым паміж сабой.
Большасьць краін BRICS не зацікаўлены ў зломе цяперашняга сусьветнага парадку — яны, хутчэй, імкнуцца яго проста ўдасканаліць.
Рыжанкоў таксама даводзіў удзельнікам саміту:
«Геапалітычнае становішча Беларусі ў Эўразіі адкрывае шырокія пэрспэктывы для супрацоўніцтва ў сфэры лягістыкі. Наша краіна гатова стаць плятформай для стварэньня сучасных лягістычных хабаў…».
Аднак востры канфлікт з заходнімі суседзямі рэзка пагоршыў транзытны, лягістычны статус Беларусі. На заходняй і паўночнай мяжы зачыняюцца памежныя пераходы, рэгулярна зьяўляюцца транспартныя коркі, суседзі будуюць сьцяну і плот, зьбіраюцца ладзіць мінныя палі. Які ўжо тут хаб…
Читайте еще
Избранное