Карбалевіч: «У выпадку абвастрэння ад двух беларускіх НПЗ мала што можа застацца»
Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч у каментары Філіну — пра галоўныя тэзісы інтэрв'ю Уладзіміра Зяленскага.
— Рызыка пераносу вайны на тэрыторыю Беларусі ёсць заўсёды, пакуль ідзе вайна, — каментуе Валер Карбалевіч Філіну інтэрв’ю Уладзіміра Зяленскага беларускім журналістам. — Справакаваць можа што заўгодна, напрыклад, выпадковы залёт нейкай ракеты.
Але я б не сказаў, што гэтая рызыка за чатыры гады павялічылася. Наадварот, яна хутчэй паменшылася. Бо вайна, здаецца, усё ж перайшла свой экватар і, як бы то ні было, набліжаецца да канца.
Відавочна, што ўдзел у гэтай вайне ніякіх дывідэндаў Беларусі не прынясе. Таму імавернасць удзелу беларусаў хутчэй змяншаецца.
— І ўсё ж рыторыка ўкраінскіх уладаў змянілася ў дачыненні да нашай краіны.
— Так, змянілася тактыка кіраўніцтва Украіны адносна Беларусі, а са зменай тактыкі памянялася і рыторыка. І гэта важна.
Зяленскі гаворыць пра рэчы, пра якія раней не рашаўся гаварыць, бо асцерагаўся таго, што Беларусь можа ўступіць у вайну, што магло быць падставай для адкрыцця другога фронту з Поўначы. Украіне тое, канешне, не было патрэбна.
Але цяпер у Кіева з’явілася большая ўпэўненасць у тым, што Беларусь у вайну не ўступіць. Гэта першы фактар.
А другі — у іх павялічылася ўпэўненасць у сваіх сілах, у сваёй моцы. Паглядзіце, што робяць украінскія дроны з нафтаперапрацоўчымі заводамі ў Расіі. Прычым яны дасягаюць тэрыторый нават за Уралам.
У параўнанні з тымі адлегласцямі Беларусь зусім блізка, і ў выпадку нейкага абвастрэння ад двух беларускіх НПЗ мала што можа застацца. Тое, што гэта лёгкая мішэнь, разумеюць усе — і ў Мінску, і ў Кіеву.
Відавочна, што сёння Кіеў гуляе з пазіцыі сілы.
Трэці фактар змены вектару — інфармацыя пра больш актыўны ўдзел Беларусі ў дапамозе Расіі. Гэта і тыя рэтранслятары, з дапамогай якіх расійскія дроны трапляюць у цэль на тэрыторыі Украіны, і інфраструктура для расійскага «Арэшніка», якую пачалі будаваць.
І на гэтым тле, канешне, Зяленскага раздражняюць размовы Лукашэнкі пра міратворчасць, пра мір, пра тое, што Беларусь гатова выступіць пасрэднікам на перамовах.
То бок рэальныя дзеянні Беларусі і рыторыка Лукашэнкі ўсё больш разыходзяцца ў розныя бакі. А ён яшчэ і перад Трампам дэманструе сваю «міратворчасць», уступіў у Раду міру.
Таму Зяленскі ў пэўным сэнсе пераходзіць у наступ, наступ хутчэй рытарычны. Але яго рыторыка становіцца ўсё больш актыўна антылукашэнкаўскай.
Ён хоча развянчаць гэты вобраз Лукашэнкі-міратворца, нават і ў вачах Трампа. Зяленскі адкрыта кажа, што нам не падабаецца, што ЗША здымае санкцыі з Беларусі.
Што тычыцца ўцягвання ў вайну, то Беларусь даўно ў яе ўцягнутая. Яна пастаўляе Расіі кампаненты для ВПК, ужо згадалі пра рэтранслятары для дронаў і інфраструктуру для расійскага «Арэшніка» і ядзернай зброі.
— Пры гэтым рызыка ўцягвання жывой сілы, вы лічыце, паменшылася. Але Зяленскі некалькі разоў паўтарыў, маўляў, не дайце сябе ўцягнуць у вайну.
— Ён спрабуе апеліраваць да беларусаў. Гэта спроба аддзяліць Лукашэнку ад іх, ад беларускага грамадства. Адсюль і імкненне пачаць дыялог і ўступіць у саюз з беларускай апазіцыяй, запрашэнне Ціханоўскай у Кіеў. Гэта ўсё ідзе ў адным рэчышчы.
— Канчатковая мэта ўсяго гэтага?
— Канечная мэта — зрабіць Беларусь дэмакратычнай еўрапейскай краінай. Ён кажа, што ідэальны варыянт будучыні — гэта калі Беларусь і Украіна будуць у Еўрапейскім звязе.
Читайте еще
Избранное