Филин

Наталля Север

Казак: «Расхістваць сітуацыю ўнутры краіны ўлады не хочуць, бо тады пад сумневам акажацца галоўны наратыў Лукашэнкі»

Эксперт па бяспецы Аляксандр Казак пракаментаваў «Филину» маўчанне чыноўнікаў наконт інцыдэнту з дронамі ў Брагінскім раёне.

Напярэдадні стала вядома, што 1 кастрычніка ў Брагінскім раёне адбыўся інцыдэнт з дронамі, які ледзь не прывёў да трагедыі. Пры гэтым мясцовыя ўлады як заўжды ўключылі рэжым замоўчвання сітуацыі.

Аб тым, што яны павінны рабіць і які ўвогуле ёсць алгарытм дзеянняў на такі выпадак, Филин спытаў у эксперта па бяспецы Аляксандра Казака.

— Кожная краіна мае свае алгарытмы процідзеянняў на дадзеныя пагрозы, — кажа Аляксандр Казак. — Калі мы глянем на мапу, то ўбачым, што раён падзення дронаў знаходзіцца ў «кішэні» ці анклаве.

І гэта стварае пэўныя праблемы для рэагавання і патрулявання гэтай тэрыторыі авіяцыяй. Звычайна збіццё дронаў адбываецца альбо з самалётаў, альбо з верталётаў. Аднак, пралятаючы такі кавалак зямлі, не тое каб можна вельмі хутка зрэагаваць.

Па-другое, звычайна ў такіх сітуацыях адразу адбываецца паветраная трывога і іншыя механізмы спробы інфармавання жыхароў і грамадзян на дадзенай тэрыторыі.

Справа ў тым, што пераправерыць усе сістэмы апавяшчэння не так і проста. Так, ва Украіне ўсё працуе, але ўкраінцы не ў першы дзень да гэтага дайшлі. Збудаваць такую сістэму інфармавання грамадзян заняло шмат часу.

Але тут можна адзначыць, што як раз зусім нядаўна на Гомельшчыне абвясцілі, што на працягу некалькіх дзён будуць тэставаць працу сістэмы апавяшчэння паветранай трывогі.

Літаральна напярэдадні яны папярэдзілі, маўляў, не бойцеся, што некалькі дзён будуць гучаць сірэны, гэта проста праверка.

— У той жа час ніякай афіцыйнай інфармацыі, ніводнага паведамлення ў СМІ не было.

— Канешне, не будзе ніякай інфармацыі, бо не хочацца лішні раз нагнятаць абстаноўку. Але тут цікавы іншы момант. Дроны ўпалі 1 кастрычніка. То-бок два тыдні была абсалютная цішыня. Нават ад грамадзян нікуды знешне гэта не прасачылася.

Гэта, безумоўна, кажа пра пэўны страх і ўзровень запужвання.

— Да чаго такое замоўчванне можа прывесці?

— Рэжым Лукашэнкі, безумоўна, разумее, што часцей за ўсё гэта дроны, якія пралятаюць транзітам. Так, некаторыя падаюць. З беларускага боку, як казаў, ёсць досвед збіцця гэтых дронаў, але шмат што вырашае тэрыторыя.

Да чаго гэта можа давесці ў перспектыве? Мне падаецца, што ўсё ж рэжым не зацікаўлены ў тым, каб такія інцыдэнты з’яўляліся. Менавіта таму яны часам дроны збіваюць, а калі няма такой магчымасці, то спрабуюць гэта замоўчваць.

Але расхістваць сітуацыю ўнутры краіны яны не хочуць, бо тады пад сумневам акажацца галоўны наратыў Лукашэнкі «абы не было вайны». Адсюль і замоўчванне.

Таму, мяркую, у перспектыве яны паставяць гэтую сістэму апавяшчэння. Бо калі на шалях будзе выбар паміж тым, каб гэтыя дроны ўпалі, выбухнулі, адбылася нейкая дэстабілізацыя ці нават трагедыя, і тым, што проста загучыць сірэна, магчыма і прэвентыўна, усё ж такі абяруць другое.