Филин

Юлія Кот

Польскі палітолаг: «Выглядае на тое, што дзякуючы інтэрвенцыі Кітая канфлікт з Беларуссю патрохі набліжаецца да канца»

Польскі палітолаг і праваабаронца Павал Казанэцкі ў каментары Филину — пра адкрыццё пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы, гібрыдныя атакі і новыя выклікі для бяспекі ў рэгіёне.

Польшча адкрые 17 лістапада два аўтамабільныя прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю. Пра гэта заявіла напярэдадні міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны.

У дакуменце сказана, што рашэнне прынятае з улікам інтарэсу жыхароў і прадпрымальнікаў, а таксама дзякуючы надзейнай ахове польска-беларускай мяжы.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене падзякавала Польшчы за салідарнасць з Літвой і адтэрміноўку адкрыцця КПП на два тыдні.

Насамрэч, гэтая падзея — знак таго, што ўласныя інтарэсы (эканамічныя, а магчыма, і дамоўленасці па дээскалацыі, вызваленні знакавых вязняў) пераважылі салідарнасць, або разлік больш складаны? Як мяркуе польскі палітолаг і праваабаронца, былы кіраўнік Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра Павал Казанэцкі, хутчэй другое.

Филин абмеркаваў з ім бягучую сітуацыю і перспектывы яе развіцця.

— Што датычыць перспектывы гэтага канфлікту — думаю, іх досыць складана ацаніць. Усё, што адбываецца ў апошнія гады, звязанае з вайной, з канфліктам паміж Расіяй і Украінай, а таксама Расіяй, Беларуссю і Еўрасаюзам, пераўзыходзіць усе межы майго ўяўлення пра сусвет.

Павел Казанэцкі. Фота: reform.news

Але што менавіта да польскай мяжы — выглядае на тое, што дзякуючы інтэрвенцыі Кітая канфлікт патрохі набліжаецца да канца. Беларусь, мяркую, занадта моцна парушыла інтарэсы гандлю Кітая і ЕС, і зачыненне мяжы польскай дзяржавай было моцным эканамічным ударам, можа быць, адзіным спосабам паўплываць на рэжым Лукашэнкі.

Гаворачы пра блізкае адкрыццё двух пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы, Павал Казанэцкі разважае, што гэта нельга лічыць «здрадай» Польшчы адносна Літвы, бо ўсё ж такі абедзве краіны не мелі абсалютна ідэнтычную палітыку адносна Беларусі.

— Польшча таксама мае лепшыя магчымасці для перамоваў з Кітаем не толькі дзякуючы свайму геаграфічнаму размяшчэнню і эканамічнай вазе, але варта адзначыць і тое, што Літва разарвала дыпламатычныя адносіны з Кітаем, падтрымаўшы Тайвань.

Можа, у пытанні мяжы гэтая палітыка была больш скаардынаванай. Але ж межы — пытанне шырэйшае, якое датычыць не толькі гэтых дзвюх краін, а гандлю Усходу з ЕС.

Таму, як па мне, і рашэнне звязанае з перамовамі, якія адбываюцца на ўзроўні Еўрасаюза.

— Дарэчы, калі казаць агулам пра ЕС — на ваш погляд, наколькі еўрапейскія краіны агулам гатовыя і могуць супрацьстаяць падпарогавым, гібрыдным атакам, якія працягваюцца з боку Мінска ці Масквы?

— Зразумела, не гатовыя. Гэта зусім новыя выклікі. Апошнія гады змянілі характар вайны ва Украіне, паўсталі такія ваенныя тэхналогія, пра якія яшчэ нядаўна ніхто не думаў у Еўропе і іншых заходніх краінах.

Нездарма сёння ўкраінцы вучаць палякаў, як рабіць ваенныя дроны. І нездарма дамова пра ваеннае супрацоўніцтва ў сферы новых тэхналогій падпісаная сёння паміж ЗША і Украінай.

Тое, што адбываецца на мяжы, і так ёсць вялікім шокам. Бо гэтая мяжа не была агароджаная яшчэ з часоў развалу Савецкага Саюза — толькі тады ён адмяжоўваўся ад усяго астатняга свету, а цяпер даводзіцца ставіць калючыя заслоны і выкарыстоўваць тэхніку, якая пільнуе межы, з боку ЕС.

І, на жаль, гэтыя гібрыдныя атакі — дадатковыя выклікі, напэўна не апошнія. Думаю, мы можам чакаць і іншых ваенных навінак, на якія так хутка не знойдзем адказу.

Новыя выклікі будуць вымагаць новых рэакцый і падрыхтоўкі. А трэба ўзяць пад увагу, што толькі ў апошнія гады еўрапейскія краіны пачалі набываць зброю і разглядаць розныя варыянты развіцця ваенных падзей у нашым рэгіёне, рыхтавацца да іх.

— То бок, трэба канчаткова ўсвядоміць і прызвычайвацца, што мы жывём у новай рэальнасці, і вяртання да мінулых, больш спакойных, так бы мовіць, больш нармальных часоў не будзе?

— Думаю, што цяпер наступілі часы, якія бліжэйшыя да рэальнасці — у яе прагматычным, гістарычным сэнсе. Усё ж такі, паводле старой рымскай сентэнцыі, «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны». І пра гэта трэба помніць.

Апошнія 30 год Еўропа жыла ў глыбокім перакананні, што еўрапейскі кантынент ужо назаўсёды будзе пазбаўлены ваенных канфліктаў. На жаль, гэта змянілася з 2014 года, калі міжнародныя пагадненні пра нязменнасць дзяржаўных межаў, што былі падпісаныя яшчэ пасля Другой сусветнай вайны, былі парушаныя, бо не ўсе з падпісантаў былі гатовыя прытрымлівацца дамоўленага парадку.

Таму мысленне пра мір пра Еўропе мусіць памяняцца. Акцэнты і падставы для гэтага міру, на вялікі жаль, павінны будавацца на ўзбраенні, узмацненні вайсковага патэнцыялу еўрапейскіх краін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)