Политика

«Трампіст» Лукашэнка зноў спрабуе стаць міратворцам ва ўкраінскім канфлікце

Разбор Валера Карбалевіча на Радыё Свабода.

Пасьля пяцігадзінных перамоваў з Уладзімірам Пуціным Аляксандар Лукашэнка чарговым разам выказаў свой намер быць міратворцам, пасярэднікам ва ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту між Расеяй і Ўкраінай. Пры гэтым ён прэзэнтуе сябе як паплечніка Дональда Трампа ў гэтым пытаньні.

Валер Карбалевіч

Яшчэ зь сярэдзіны 2010-х гадоў, пасьля захопу Расеяй Крыма Лукашэнка шмат разоў прэтэндаваў на статус пасярэдніка ў перамовах паміж Масквою і Кіевам. А заключаныя ў беларускай сталіцы Менскія пагадненьні па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе яшчэ больш стымулявалі яго амбіцыі адыграць ролю міратворцы.

У пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны тры першыя раунды перамоваў паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны прайшлі ў Беларусі, і толькі потым перамясьціліся ў Стамбул.

З таго часу Лукашэнка настойліва заклікае канфліктуючыя бакі да мірных перамоваў у Менску, прапануючы сваё пасярэдніцтва. Вонкава гэтая ідэя выглядала мёртваю, бо для Ўкраіны і ейных заходніх партнэраў Беларусь зьяўляецца саюзьнікам Расеі, суагрэсарам. Аднак апошнім часам сама гэтая ідэя зайграла новымі фарбамі.

Па-першае, міратворчыя высілкі дзеля завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Па-другое, перамоўны працэс паміж Вашынгтонам і Менскам.

Абодва гэтыя чыньнікі далі новы імпульс прэтэнзіям Лукашэнкі на статус міратворцы. Найперш, варта зьвярнуць увагу на тое, што Лукашэнка настойліва прэзэнтуе сябе ў якасьці саюзьніка, пасьлядоўнага паплечніка Трампа ў пытаньні дасягненьня міру паміж Расеяй і Ўкраінай.

Ён увесь час хваліць амэрыканскага прэзыдэнта. Вось і цяпер зноў зладзіў яму своеасаблівы хваласьпеў:

«Тое, што заяўляе Трамп, трэба разумець. Усебакова трэба разумець. І ня трэба там на яго кідацца пасьля нейкай любой заявы... Але галоўнае — у зьнешняй палітыцы — «мір, мір, мір!».

Але Лукашэнку мала дэманстраваць сябе ў якасьці саюзьніка прэзыдэнта ЗША. Тут ён ідзе далей, разважае пра нейкую больш глыбокую еднасьць:

«У Трампа, я яго разумею, такая тактыка: націснуць — адступіць, адступіць — націснуць, дзесьці напралом пайсьці. Бунтар. У самым добрым сэнсе слова. Я сам мала адрозьніваюся ў гэтым пляне ад Трампа і сябе называю трампістам».

Тут ідэалягема пад умоўнай назвай «я і вялікія» даведзеная да лягічнага канца.

Цяпер, паводле Лукашэнкі, яны з Трампам амаль браты-блізьняты паводле псыхатыпу. Ён часта паўтарае «мы з Пуціным». Цяпер можна дадаць «мы з Трампам». Адначасова пачаўся перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам. Ён тычыцца ня толькі пытаньня вызваленьня палітвязьняў.

З артыкула журналіста часопісу Time Саймана Шустэра вынікае, што амэрыканская адміністрацыя выкарыстоўвае перамовы зь беларускім кіраўніцтвам як дадатковы канал сувязі з Крамлём, а таксама разглядае Лукашэнку як адмыслоўца, экспэрта што да Пуціна.

Перамовы з ЗША ў пэўным сэнсе падвысілі міжнародны статус беларускага ўладара. Ня дзіва, што цяпер Лукашэнка разглядае сябе пасярэднікам у квадраце. Ён спрабуе пасярэднічаць у перамоўным працэсе паміж Расеяй і Ўкраінай, а таксама паміж Расеяй і ЗША. Гэта стымулюе яго да новых хадоў і ініцыятываў.

Напрыклад, замест сустрэчы Ўладзіміра Зяленскага з Уладзімірам Пуціным ён прапануе ўкраінскаму прэзыдэнту сустрэцца з сабой:

«Каб ня страціць усю Ўкраіну, Уладзімір Аляксандравіч павінен ня проста размаўляць, а пагадзіцца на выгадныя для яго ўмовы... Таму я хацеў бы (пакуль ён там сустрэнецца з прэзыдэнтам Пуціным — ён хоча гэтага, па ўсіх каналах зьвяртаецца і ўжо публічна) зь ім проста пагаварыць. І, магчыма, якраз гэта той момант, калі гэта прагучыць у Расеі, ад вас: у мяне ёсьць, што яму сказаць».

То бок Лукашэнка просіць у Пуціна дазвол на сустрэчу зь Зяленскім, каб гаварыць ад імя Расеі. Другая ідэя, хоць і ня новая, але, як лічыць Лукашэнка, стала апошнім часам больш актуальнай. Гэта прапанова дамовіцца аб прымірэньні кіраўнікам Беларусі, Расеі і Ўкраіны без удзелу іншых міжнародных гульцоў. Лукашэнка кажа:

«Думаю, настаў той час, калі мы павінны ўступіць у кансультацыі. У пачатку Спэцыяльнай вайсковай апэрацыі гаварыў: нам, кіраўнікам трох славянскіх дзяржаў, трэба сесьці і дамовіцца. Дамовіцца аб заканчэньні гэтай незразумелай вайны. Трэба дамовіцца. Не дамовімся — будзе дрэнна ўсім».

У выпадку такога разьвіцьця падзей, як лічыць Лукашэнка, ён, акрамя ляўраў міратворца, змог бы пазбавіцца статуса суагрэсара, моцна палепшыць свой вобраз у вачах міжнароднай супольнасьці.

Аднак, ліміт ягонага шанцаваньня ў гэтым кірунку блізкі да канца. Бо калі нават ЗША не ўдалося заахвоціць бакі да прымірэньня, то наўрад ці заклікі Лукашэнкі будуць мець плён. Бо ён мае вельмі дрэнную рэпутацыю.

Невыпадкова Зяленскі на Варшаўскім форуме ў бясьпецы даволі іранічна пракамэнтаваў прапановы Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)