Ворыхава: «У Беларусі мы бачым даволі шырокі фармальны ўдзел моладзі ў палітычных працэсах»

Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтву Маргарыта Ворыхава — аб тым, чым адрозніваецца моладзь у нашай краіне і Еўропе.

— Зараз мы бачым тэндэнцыю ў грамадстве, якая сярод моладзі праяўляецца найбольш ярка. Гэта тое, што змяняецца падыход і разуменне дэмакратыі, — адзначыла Маргарыта Ворыхава на Еўрарадыё. — Што такое дэмакратыя, як яна павінна працаваць, якія патрэбны механізмы да ўдзелу.

Маргарыта Ворыхава

Гэты дазваляе прасачыць і за тым, якім чынам моладзь уцягваецца ў палітычныя працэсы. Раней гэта былі больш традыцыйныя магчымасці: арганізацыі, нейкія партыі ці прадстаўніцтва праз афіцыйныя механізмы, іерархіі, усталяваныя платформы і кантраляваныя структуры.

Зараз моладзь уцягваецца ў палітычныя працэсы па-іншаму і па-іншаму транслюе свае меркаванні. Гэта адбываецца праз медыя, праз сацыяльныя сеткі, праз пратэсты — гэта таксама форма ўдзелу.

Вядома, што фармат удзелу моладзі каласальна змяніўся. І гэта трэба ўлічваць. Мы гэта бачым на прыкладзе выбараў у тых краінах, дзе закранаюцца тэмы, якія цікавяць моладзь. Там удзел маладых людзей даволі высокі.

Не магу назваць моладзь зараз дэпалітызаванай групай. Таму што яны найбольш інфармаваныя пра палітычныя працэсы ў свеце, чым гэта было раней.

І яны найбольш уцягнутыя ў абмеркаванне гэтых тэмаў. Гэта такі новы падыход да палітычнага жыцця і для жыцця наогул.

У той жа час, кажа Ворыхава, існуе вялікае адрозненне ад удзелу ў палітыцы беларускай моладзі ў параўнанні з еўрапейскай.

— Моладзь, якая ўцягваецца ў палітычныя працэсы ў Еўропе, мае магчымасць праз нетрадыцыйныя формы гэтага ўдзелу, тыя ж сацсеткі і іншае, аказаць уплыў на палітычныя працэсы ў сваёй краіне.

Яны маюць магчымасць пасля абмеркавання пайсці на выбары і прагаласаваць ці ўдзельнічаць у нейкіх структурах. У еўрапейскіх краінах ёсць шмат моладзевых арганізацый, партыйных структур, якія дазваляюць моладзі ўплываць на палітычныя працэсы ў сваіх краінах.

У Беларусі мы бачым даволі шырокі фармальны ўдзел моладзі ў палітычных працэсах праз удзел у арганізацыях, напрыклад, БРСМ. Яны сведчаць пра тое, што 1,5 мільёны маладых чалавек з’яўляюцца сябрамі арганізацыі, але мы памятаем, што такое сяброўства ў БРСМ.

Гэта прымусовая структура, якая з’яўляецца сімвалічнай формай, каб паставіць адзнаку аб тым, што моладзь у Беларусі ўсё ж такі ўдзельнічае ў палітычных працэсах.

Можна паглядзець і на тое, на якім узроўні моладзь уцягваецца ў палітычныя меркаванні. Так, у нас ёсць моладзевы парламент, моладзевы савет пры Савеце міністраў.

Але ўсе гэтыя кансультатыўныя структуры не маюць нават функцый кансультавання. Яны проста збіраюць нейкія каментары ад моладзі, якія пасля гэтага ні на што не паўплываюць.

Моладзь пасля гэтага не атрымлівае ніякага фідбэку аб тым, што адбываецца з іх меркаваннямі, з гэтым дыялогавым працэсам, які яны спрабуюць усталяваць.

Яны робяць прыгожыя фотаздымкі для рэпортаў, але насамрэч моладзь не мае сродкаў на тое, каб уплываць на гэтыя рашэнні, не мае механізмаў, фідбэку, дыялогу, таксама не мае фінансаў.