Як беларусам трапіць у Эўропу, калі Літва канчаткова закрые мяжу?
Радыё Свабода паглядзела, якія ёсьць рэальныя варыянты выезду за мяжу: ад даволі бюджэтных — аўтобусам у Польшчу — да нятанных, самалётам праз Стамбул ці Тбілісі.
Мяжа Літвы і Беларусі застанецца закрытай прынамсі да серады. Пасьля паседжаньня ўраду стане вядома пра далейшае разьвіцьцё сытуацыі. Літоўскі бок гатовы закрыць мяжу надоўга.
Найкарацейшы (але ня самы танны) шлях зь Беларусі ў розныя краіны Эўрапейскага Зьвязу быў праз Вільню. Зь Менску да Вільні прыкладна 180 кілямэтраў, да апошняга часу працавалі два прапускныя пункты (Каменны Лог — Меднікі і Беняконі — Салечнікі). Праўда, цэны на квіткі апошнім часам завысокія: больш за 80 эўра.
Польшча: чакаецца істотны рост чэргаў
Для пасажыраў працуе адзін памежны аўтамабільны пераход у Польшчу Берасьце — Тарэспаль.
Праўда, польскі бок у сувязі з расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2026» закрываў мяжу амаль на 2 тыдні — з 12 па 24 верасьня.
Адразу пасьля закрыцьця памежных пунктаў Літвы увечары 26 кастрычніка на беларуска-польскім пераходзе Берасьце — Тарэспаль чарга вырасла ўдвая: з 360 легкавікоў да 775, таксама у чарзе 22 аўтобусы. У канцы жніўня — напачатку верасьня на беларуска-польскай мяжы ўжо бываў каляпс, тады ў чэргах стаялі па 3 тысячы аўтамабіляў і больш за сотню пасажырскіх аўтобусаў.
Азнаёміцца з даўжынёй чэргаў на прапускных пунктах можна на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.
Можна трапіць зь Беларусі ў Польшчу і праз расейскі Калінінград. Туды ходзяць два цягнікі Масква — Калінінград (адзін адпраўляецца зь Менску ў 00:10, другі ў 05:14, у дарозе яны прыкладна па 10 гадзін, цэны ад 365 рублёў за месца ў пляцкарце да 697 рублёў за месца ў купэйным вагоне.
Да Калінінграду можна даляцець зь Менску і самалётам. «Белавія» рэклямуе акцыю — цэны пачынаюцца ад 140 эўра на пералёт туды-назад. Далей 4 гадзіны аўтобусам да польскага Гданьску, а адтуль ўжо куды заўгодна.
Латвія: неабходна паінфармаваць пра перасячэньне мяжы за 48 гадзін
Зь Беларусі можна трапіць у Латвію праз памежны пераход Грыгораўшчына (Верхнядзьвінскі раён).
Аднак з 1 верасьня Латвія ўскладніла правілы перасячэньня мяжы.
Уведзена новае патрабаваньне для грамадзянаў трэціх краін (уключаючы Беларусь): перад уездам у Латвію трэба запоўніць электронную форму, дзе пазначаюцца мэта паездкі, месца жыхарства ў Латвіі, маршруты, кантакты. Грамадзянам іншых краін цяпер трэба падаць гэтую інфармацыю за 48 гадзін да ўезду.
Пасля ўезду зь Беларусі могуць узьнікаць пытаньні падчас праверак — рэкамэндуецца мець усе дакумэнты ў парадку.
Таксама забаронены ўезд у Латвію аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі.
Аўтобусы Менск — Рыга ідуць празь Літву, таму з закрыцьцём літоўскай мяжы, магчыма, перавозьнікі зьменяць маршрут (як было сёлета ў верасьні, калі пасажырскія аўтобусы зь Беларусі ў Польшчу ішлі празь Літву). Натуральна, магчыма істотнае павышэньне цэнаў на квіткі, бо расьце адлегласьць).
Грузія, Турэччына, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — транзыт нятанны
Шлях нятанны, але рэальны. Вылецець самалётам у транзытны пункт — у грузінскія Тбілісі, Батумі, турэцкі Стамбул ці Дубай у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. І адтуль самалётам паляцець у краіны ЭЗ.
Сярэднія цэны на рэйс Менск — Стамбул у адзін бок ад 180 да 320 даляраў. Туды-назад — ад 460 да 800 даляраў.
Зь Менску ў Тбілісі цэны вагаюцца з 170 да 400 даляраў у адзін бок, 350–800 даляраў туды-назад.
Читайте еще
Избранное