Скандалы

Затрыманы Віктар Лемяшэўскі, партнёр Дзмітрыя Баскава па акумулятарным бізнэсе

Нашай Ніве стала вядома пра затрыманне Віктара Лемяшэўскага, аднаго з найбагацейшых людзей Пінска. Ён займае 58‑е месца ў рэйтынгу самых паспяховых бізнэсменаў Беларусі.

56‑гадовы Лемяшэўскі — выпускнік аэракасмічнага факультэта Маскоўскага авіяцыйнага інстытута. Спачатку зарабляў у Пінску, пасля перайшоў на рэспубліканскі ўзровень.

Віктар Лемяшэўскі

У канцы 2010‑х Лемяшэўскі атрымаў вядомасць за кошт будаўніцтва скандальнага акумулятарнага завода ў Брэсце. Нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў прадпрыемства ўсё ж дабудавалі.

Лемяшэўскі паспеў пасядзець некалькі месяцаў у СІЗА КДБ, пасля прадаў сваю долю ў заводзе, але ўрэшце вярнуўся ў акумулятарны бізнэс.

Яго камерцыйным партнёрам па прадпрыемстве «Акумулятарны альянс» стаў набліжаны да Лукашэнкі спартыўны функцыянер Дзмітрый Баскаў, які валодае 40% кампаніі. Іншыя 40% маюць Лемяшэўскі разам з яшчэ адным сваім партнёрам Аляксандрам Папком, а 20% прадпрыемства ў Брэсцкага аблвыканкама.

У чым сутнасць прэтэнзій сілавікоў да Лемяшэўскага і якая роля ў гэтым працэсе Дзмітрыя Баскава — пакуль не вядома.

У свой час бізнэс Лемяшэўскага развіваўся ў тым ліку пры спрыянні старшыні Следчага камітэта (2015-2021) Івана Наскевіча — былога пінскага пракурора, суседа і аднагодка Лемяшэўскага. Наскевіч цяпер працуе ў юрыдычнай асобе, якая кіруе холдынгам 1AK-Group, у які ўваходзіць і «Акумулятарны альянс».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)