Зяленскі: «Пакуль што беламу шпіцу Лукашэнкі пакінута больш правоў, чым народу Беларусі»

25 студзеня ў Вільні прэзідэнты Літвы, Польшчы і Украіны, а таксама лідарка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Уладзімір Зяленскі выступіў з гістарычнай прамовай, у якой звярнуўся да беларусаў.

Поўны тэкст выступу прэзідэнта Украіны прыводзіць Наша Ніва.

– Гітанас, Каралю — спадары прэзідэнты, Дыяна, Марта, Алена — дарагія нашы першыя дамы, Святлана — і ўся каманда свабоднай Беларусі, дарагія сябры — народы, якія так блізкія адзін аднаму і чыя блізкасць мае такое вялікае значэнне для ўсёй нашай Еўропы.

Сёння мы ўсе сабраліся тут, у Вільні, каб ушанаваць памяць і падзякаваць за адвагу ўдзельнікам Паўстання 1863 года.

Паўстанне, якое пацвердзіла: наша прызначэнне — быць разам. А наш поспех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі супольным поспехам. Дакладна ў той ступені, у якой мы разам, мы можам быць незалежнымі. У нас ёсць адзін вораг — і гэта доўжыцца ўжо амаль чатыры гады поўнамаштабнай вайны, значна даўжэй — гібрыднай вайны, даўжэй нават за панаванне савецкай Масквы і імперскага Пецярбурга.

Фота: J. Stacevičiaus / LRT nuotr.

Менавіта тут, у нашай частцы Еўропы, на землях нашых народаў — і, што важна, у памяці людзей — адбываецца сутыкненне двух мадэляў стаўлення да чалавека і грамадства. Ёсць наша супольная мадэль, у якой людзі, народы і культуры маюць значэнне. І ёсць мадэль, якая ўкаранілася на ўсход ад нас і якая стагоддзямі прыходзіць у наш дом з пагардай і войнамі супраць усяго, што для нас каштоўнае.

У Еўропы няма іншана выбару, толькі гэтыя дзве мадэлі: свабода або залежнасць, і нашы народы ведаюць гэта лепш за ўсіх. Таму мы можам казаць рэзка, калі гаворым: еўрапейскай абароны недастаткова.

Кожная затрымка мае свае наступствы.

Беларусь і цяпер вымушаная існаваць як расійскае генерал-губернатарства. Сёння, калі столькі гадоў прайшло з часоў Кастуся Каліноўскага, усё, за што ён змагаўся, застаецца актуальным для Беларусі, хаця для ўкраінцаў, для літоўцаў, для паляка гэта ўжо спрацавала.

І гэта актуальна не толькі таму, што ён меў рацыю, але таму, што сапраўдную незалежнасць і сапраўдную абароненасць жыцця беларусы яшчэ павінны заваяваць.

Пакуль што беламу шпіцу Лукашэнкі пакінута больш правоў, чым народу Беларусі — на жаль.

Быў шанс у 2020 годзе гэта змяніць — і яшчэ будзе такі шанс.

Але тады падтрымкі Беларусі было недастаткова, а сёння ўсе мы адчуваем, як стала цяжэй, даражэй і значна небяспечней для ўсіх — праз залежнасць Беларусі ад Масквы. Гэта залежнасць не змяншаецца. Аператары расійскіх «шахедаў» дзейнічаюць супраць Украіны таксама з тэрыторыі Беларусі.

Сувязь для ўдараў падтрымліваецца з Беларусі. Расія выкарыстоўвае Беларусь як палігон для шантажу Еўропы і свету «Арэшнікамі». Прамысловасць Беларусі працуе на расійскую вайну, а гандлёвыя сувязі Беларусі дапамагаюць Пуціну купляць кампаненты, неабходныя для будавання пагрозы ўсім нам у Еўропе.

Таму для Еўропы крытычна важна не страціць ніводнага з народаў, якія жывуць свабодаю. Таму для Еўропы крытычна не марнаваць час. Таму ўсе мы ў Еўропе павінны кожны дзень працаваць дзеля моцнай Еўропы.

Паўстанне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе — каб сёння не было пагрозы адтуль. Еўропа і свет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў — і гісторыя была б іншай, бяспечнейшай.

Тое самае мы можам сказаць пра Паўстанне 1863 года і пра іншыя выступы народаў, якія не атрымалі падтрымкі ад дзяржаў, што засталіся стаяць убаку. Урэшце гісторыя карае тых, хто застаецца ўбаку.

У значнай ступені войны ХХ стагоддзя былі наступствам абыякавасці моцных гэтага свету ў ХІХ стагоддзі. Вайна Расіі супраць Украіны і іншыя расійскія войны — супраць Малдовы, супраць Чачні, супраць Грузіі — усё гэта наступствы абыякавасці да праўды нашых народаў, да праўды, якую людзі адчувалі; і таксама наступствы пераацэненай упэўненасці ў моцных гэтага свету пры канцы савецкай эпохі; і абыякавасці ў 1990‑х і на пачатку ХХІ стагоддзя, калі з Расіяй зрабілі «перазагрузку», якая насамрэч стала «перагрузкай» для ўсіх нас.

Сёння мы стараемся зрабіць усё, каб такіх памылак больш не было. Стараемся зрабіць усё, каб нашых супольных дзеянняў хапіла для рэальнай абароны Украіны і Еўропы. Дапамога Польшчы Украіне пасля 24 лютага беспрэцэдэнтная ва ўсёй гісторыі нашых народаў. Літва таксама з намі — таксама на беспрэцэдэнтным узроўні. Усе дзяржавы Балтыі з намі.

Паўночная Еўропа з намі. Германія — адна з найважнейшых абаронцаў жыцця. Францыя — з намі. Вялікабрытанія — з намі. Амаль уся Цэнтральная Еўропа — з намі. Італія, Іспанія, Партугалія, усе дзяржавы Паўднёвай Еўропы — з намі. Румынія і Малдова — з намі.

У 1863 годзе паўстанцы нават і марыць не маглі пра такое яднанне, а сёння гэтае яднанне дзейнічае. Еўрапейскі саюз існуе — і з кожным годам становіцца мацнейшым. Злучаныя Штаты — з намі. Канада — з намі. Японія — з намі.

Але наш выклік не ў тым, каб адзінства было на сто адсоткаў эфектыўным толькі на палову ці на некалькі месяцаў у годзе — не да чарговых выбараў у той ці іншай краіне, а на сто адсоткаў эфектыўным заўсёды. Не настолькі, колькі не шкада. Не столькі, колькі можам. А столькі, колькі спрацуе. Так, каб не было пагрозы для Еўропы і для кожнага з нашых народаў.

Палітыкі Еўропы павінны шанаваць той факт, што рэпрэзентуюць вольныя і незалежныя дзяржавы і што ім не трэба быць сёння камандзірамі паўстанняў супраць імперый ці акупантаў. Зарана расслабляцца ў Еўропе, пакуль расійская ваенная машына не заціхла, а дыктатары па суседстве з Еўропай не слабеюць — усе яны глядзяць на нас, глядзяць на Еўропу як на здабычу.

Еўропа заслугоўвае таго, каб быць моцнай. Быць вольнай. А наш лозунг — «за нашу і вашу свабоду» — безумоўна спрацаваў. Калі распачыналася Паўстанне 1863 года, Кіеўскі ўніверсітэт быў адным з галоўных асяродкаў свабоды.

Сёння таксама ў кіеўскім небе і на зямлі Украіны дзейнічае менавіта гэты асяродак адвагі, які забяспечвае, што свабода нашых народаў ёсць і будзе. Будзе не толькі там недзе прыхавана ва ўніверсітэтах, не толькі ў тайных ці падпольных таварыствах. Не толькі дома мы будзем мець магчымасць размаўляць на сваіх мовах і радавацца сваёй культуры.

Не толькі шэптам мы зможам гаварыць пра свае нацыянальныя ідэалы. Наша свабода ёсць і будзе ў нашых арсеналах. Наша свабода ёсць і будзе ў адукацыі ў нашых краінах, на якую Масква не будзе мець уплыву.

Наша свабода ёсць і будзе ў нашых нацыянальных эканоміках. Наша свабода ёсць і будзе ў правах нашых дзяцей, якіх ніхто не абмяжуе. Наша свабода ёсць і будзе ў партнёрствах паміж нашымі дзяржавамі. Вось чаму ў Расіі няма такіх ракет, якія магла б адмяніць факт, што народы Еўропы свабодныя.

І хачу сказаць асобна народу Беларусі: вы — еўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў аб’яднанай, нашай, вольнай Еўропе. У Еўропе мірнай. У Еўропе моцнай. І вас не сцерці. Нас усіх не сцерці.

Дзякую ўсім беларускім добраахвотнікам, якія змагаюцца за нашу незалежнасць і за гістарычны шанец для сваёй дзяржавы.

Дзякую ўсім, хто дапамагае Украіне — а тым самым дапамагае і сабе. Дзякую ўсім, хто падтрымлівае тое, што праўда мае гучаць, каб Еўропа дзейнічала, каб вайна спынілася, а бяспека была гарантаваная.

Пакаленні перад намі змагаліся, каб мы былі. Нашы людзі змагаюцца, каб нашы дзеці і ўнукі, і іх дзеці, і ўнукі жылі. Жылі ў міры. Каб значэнне меў не адзін чалавек дзесьці там на троне ў Расіі, а каб кожны з нашых народаў, кожны чалавек меў значэнне.

Бо гэта і ёсць еўрапейскі прынцып: людзі маюць значэнне. Народы маюць значэнне. Культуры маюць значэнне. Расія ж значэння не мае — бо той, хто супраць народаў, гістарычна заўсёды прайграе.

Дзякуй вам. Слава Украіне!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(30)